КАНДЭНСА́ЦЫІ РЭА́КЦЫІ ў арганічнай хіміі,

назва вялікай групы рэакцый рознага характару, якія прыводзяць да ўтварэння з дзвюх ці некалькіх малекул адной больш складанай.

У больш вузкім значэнні К.р. — унутры- і міжмалекулярны працэс утварэння новых вуглярод-вугляродных (C—C) сувязей. Звычайна К.р. суправаджаюцца адшчапленнем простай неарган. ці арган. малекулы (напр., галагенавадароду, вады, вадароду, спірту) і адбываюцца з удзелам кандэнсавальных агентаў — рэчываў, якія звязваюць малекулы, што адшчапляюцца, ці аказваюць каталітычнае дзеянне. Напр., кратонавая кандэнсацыя (узаемадзеянне 2 малекул альдэгідаў ці кетонаў з утварэннем малекулы ненасычанага карбанільнага злучэння) і шматлікія роднасныя працэсы адбываюцца з адшчапленнем малекул вады ў прысутнасці каталізатараў — кіслот (напр., сернай H2SO4, салянай HCl) ці асноў (напр., натрыю гідраксіду NaOH, аміду NaNH2). Звычайна да К.р. не адносяць этэрыфікацыю, алкіліраванне або ацыліраванне па гетэраатамах (кіслароду, азоту), аднак працэсы ўтварэння палімераў, якія адбываюцца па гэтых схемах, наз. полікандэнсацыяй.

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 7, с. 582

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)